image description

МЧС Республики Беларусь

На Гомельшчыне падводзяць вынікі рэспубліканскай акцыі «Не прапальвай сваё жыццё» ("Звязда")

548

У рэгіёне падводзяць вынікі рэспубліканскай акцыі «Не прапальвай сваё жыццё». Яе галоўная мэта — папярэджанне гібелі людзей з-за неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення. У межах акцыі раённыя падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях арганізавалі нефармальныя мерапрыемствы ў месцах масавага знаходжання людзей. Супрацоўнікі абласнога ўпраўлення МНС у раёнах правялі ўзмоцненыя прафілактычныя рэйды: адны з апошніх — у Добрушы, Гомелі і Гомельскім раёне. 

Добруш — пунктам прызначэння рэйда ратавальнікаў стаў невыпадкова. Не так даўно ў райцэнтры адбылося рэзананснае надзвычайнае здарэнне — гарэла кватэра ў адным са шматпавярховікаў. Асноўная версія прычыны пажару — неасцярожнае абыходжанне з агнём пры курэнні. Гаспадыню палаючай кватэры, на шчасце, выратавалі. Але ўсё магло скончыцца трагічна не толькі для жанчыны, але і для яе суседзяў, што мірна спалі той раніцай. З дома прыйшлося эвакуіраваць 12 чалавек, у тым ліку дваіх дзяцей. У пад’езде неабходны сур’ёзны рамонт.

Гэты адрас па маршруце назіральнай камісіі з удзелам супрацоўнікаў МНС у спісе наведвання абавязковы. Пасля рэзананснага надзвычайнага здарэння да людзей, лягчэй дастукацца, прыцягнуць іх увагу да праблемы. Адрасаты ўзмоцненай прафілактычнай работы — домаўладальнікі, якія злоўжываюць алкаголем, вядуць асацыяльны лад жыцця. Тым не менш на асаблівым кантролі ратавальнікаў і адзінокія старыя, інваліды, сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, шматдзетныя... 

Па маршруце назіральнай камісіі ў Добрушы такіх адрасатаў некалькі. Гаспадыні прыватнага дома па вуліцы Гомельскай Надзеі Дзямковай пад 80. Жыве пажылая жанчына адна, зараз вырашаецца пытанне аб аказанні ёй надомнай сацыяльнай дапамогі. Ратавальнікі абследуюць печку і грубку. Першы намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Павел Ліпаў тлумачыць:

— Пры праверцы домаўладанняў з пячным ацяпленнем абавязкова звяртаем увагу на стан печы. Яна павінна быць пабелена, атынкавана, без расколін. Гэта датычыцца і коміна. Правяраецца і стан дзверцаў, наяўнасць прытопачнага ліста. Правяраем, як складзеныя гаручыя матэрыялы, ці не размешчаны побач прадметы, якія могуць лёгка загарэцца.
У доме па вуліцы Чырвонаармейскай жывуць сваячкі Любоў Дзеева і Валянціна Сухіх. Адна з сясцёр — інвалід другой групы і прызнана недзеяздольнай. Раней камісія выяўляла ў хаце невялікія парушэнні — былі расколіны ў печы, прытопачны ліст маленькага памеру. 

— Памятайце, што за дзве гадзіны да адыходу да сну трэба перастаць тапіць печ? — звяртаецца да гаспадынь афіцыйны прадстаўнік Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Ксенія Шынгірэй і папярэджвае:

— Вам неабходна адсоўваць пры топцы печы далей дыванок, каб вугольчыкі не адскоквалі.

Заўвага — прама ў цэль, прызнаецца адна з сясцёр, паказвае на чорныя кропкі-сляды на дыване. 

Па дзяржпраграме ў гэтым доме ўжо ўстаноўленыя сігнальна-гукавая прылада з вывадам на фасад і аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Пасля праверкі прылад Ксенія Шынгірэй уручыла гаспадыням памяткі з правіламі эксплуатацыі пячнога ацяплення і выкарыстання электраабсталявання. 

Чарговы пункт «маршрута бяспекі» — кватэра ў пяціпавярховіку ў мікрараёне Меліяратар. Гаспадыня жылля — Святлана Зенава. Раней яе сям’я трапіла ў статус «сацыяльна небяспечнага становішча». Паўгода дзеці Святланы правялі ў сацыяльна-педагагічным цэнтры, а гэтым летам вярнуліся да маці. Да сям’і зараз пытанняў няма. Мама выконвае ўсе рэкамендацыі. 

У Добрушскім раёне з пачатку года адбылося 44 пажары — гэта на адзін выпадак больш у параўнанні з такім жа перыядам 2020-га. Колькасць загінулых зменшылася з 4 чалавек у мінулым да двух сёлета. Колькасць траўміраваных вырасла — з 2 да 3-х чалавек. 

Выклікае заклапочанасць ратавальнікаў і статыстыка надзчывайных здарэнняў у Гомельскім раёне. З пачатку года на пажарах тут загінула 12 чалавек, 10 смяротных выпадкаў — з-за неасцярожнага абыходжання з агнём. 
У Гомелі з пачатку года адбылося 100 пажараў, з іх палова — па той жа прычыне, што ў у райне. Загінулі дзевяць чалавек, шэсць з якіх — з-за непатушанай цыгарэты! 

Варта адзначыць, што прафілактычныя рэйды ў абласным цэнтры супрацоўнікі МНС праводзяць рэгулярна. Пачынаюць улетку, і калі выяўляюць парушэнні, то ўвосень паўторна правяраюць, ці ўсё выканана. Па выніках апошняга рэйду на тэрыторыі Гомеля спецыялісты МНС адзначылі, што ўсе выказаныя раней заўвагі адрасаты аглядальных камісій выправілі. 
— Тыя раёны вобласці, якія на жаль, «плюсуюць» па сумнай статыстыцы гібелі на пажарах, у першую чаргу адпрацоўваюцца падчас прафілактычных рэйдаў супрацоўнікаў Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, — падкрэсліла афіцыйны прадстаўнік ведамства Ксенія Шынгірэй. — Звяртаем увагу жыхароў Гомельшчыны, што нягледзячы на агульнае зніжэнне колькасці пажараў ў параўнанні з мінулым годам, гібель людзей — расце. З пачатку года на пажарах у рэгіёне загінула 108 чалавек. Гэта больш чым на 20% плюс да аналагічнага перыяду 2020 года. Варта адзначыць, што 95 чалавек — ахвяры менавіта неасцярожнага абыходжання з агнём, у тым ліку пры курэнні ў стане алкагольнага ап’янення. 

Наталля КАПРЫЛЕНКА 
фота Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС


Искать похожие новости:

Будь готов

Другие новости


Назад
Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть

Территориальные управления

Закрыть